Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Камандзір латвійскай брыгады: Расія непрадказальная. Праблема можа ўзнікнуць заўтра, а можа — праз дзесяць гадоў 

14.08.2026 16:29
За абарону Латгаліі — усходняга рубяжа Латвіі і НАТА — адказвае 3-я брыгада Земесардзэ. Шэсць батальёнаў прыкрываюць амаль 300 км мяжы з Беларуссю і РФ. 
Аўдыё
  • Камандзір 3-й брыгады Нацгвардыі Латвіі: Расія непрадказальная. Праблема можа ўзнікнуць заўтра, а можа — праз дзесяць гадоў 
 3-
Камандзір 3-й брыгады Земесардзэ палкоўнік Петэрыс СувейздаФота: Беларуская служба Польскага радыё/https://www.polskieradio.pl/396

Латгалія — усходні рубеж Латвіі і НАТА: рэгіён мяжуе з Расіяй і Беларуссю, сутыкаецца з інструменталізаванай міграцыяй, інфармацыйным уплывам і залётамі беспілотнікаў. 11 жніўня Латвія пачала аперацыю «Пярэварацень» для ўзмацнення аховы ўсходняй мяжы, а ў ноч на 14 жніўня знішчальнікі паветранага патрулявання НАТА збілі ў гэтым рэгіёне дрон.

За сухапутную абарону Латгаліі непасрэдна адказвае 3-я брыгада Земесардзэ (Нацыянальна гвардыя Латвіі): яе шэсць батальёнаў прыкрываюць амаль 300 кіламетраў мяжы, супрацоўнічаюць з памежнікамі, паліцыяй і саюзнымі сіламі. Асобная задача брыгады — падтрымліваць сувязь з муніцыпалітэтамі і рыхтаваць тэрытарыяльную абарону з улікам асаблівасцяў рускамоўнага рэгіёна.

З камандзірам брыгады палкоўнікам Петэрысам Сувейздам Беларуская служба Польскага радыё, літаральна за пару дзён да чарговага дронавага інцыдэнта, пагутарыла пра рызыку расійскіх правакацый, падтрымку Памежнай аховы Латвіі, будаўніцтва Балтыйскай лініі абароны, сцэнары для Даўгаўпілса і давер паміж вайскоўцамі, мясцовымі ўладамі і рускамоўнымі жыхарамі рэгіёна.

— Земесардзэ складаецца з чатырох брыгад. Мая — 3-я брыгада. Злева ад нас знаходзіцца 2-я брыгада, справа — Узброеныя сілы Літвы, а ў тыле — механізаваная пяхотная брыгада. Побач таксама знаходзяцца штаб шматнацыянальнай дывізіі «Поўнач» у Адажы і Шматнацыянальная брыгада НАТА пад кіраўніцтвам Канады. Таму ў нас шмат сяброў — злева, справа і ў тыле.

Наша задача як сухапутнай пяхотнай брыгады — абараняць Латгалію ад першага сантыметра тэрыторыі, ад самай мяжы і настолькі далёка, наколькі мы зможам. У брыгадзе шэсць батальёнаў. Тры перадавыя батальёны размешчаныя каля мяжы з Расіяй і Беларуссю, яшчэ два знаходзяцца ў тыле, адзін прафесійны батальён выконвае задачы падтрымкі.

Пяць з шасці батальёнаў — падраздзяленні Земесардзэ. У будні нашы хлопцы і дзяўчаты звычайна працуюць на грамадзянскіх пасадах, а ў выходныя прыходзяць у батальёны і трэніруюцца, каб быць максімальна падрыхтаванымі да магчымых праблем.

— Як выглядае цяперашняя сітуацыя ў сферы бяспекі з улікам гібрыднага ціску на мяжы, нелегальнай міграцыі і залётамі беспілотнікаў?

— Так, цяпер у нас з’явіліся і беспілотнікі, таму сітуацыя стала больш складанай. Галоўную ролю ў рэагаванні на міграцыйны крызіс адыгрывае Дзяржаўная памежная ахова, а мы яе падтрымліваем. У залежнасці ад інтэнсіўнасці гібрыднага ціску можам накіраваць аддзяленне або ўзвод. Я не буду раскрываць цяперашнюю схему і маштаб падтрымкі, але мы дапамагаем памежнікам сёння і плануем працягваць гэта ў найбліжэйшай будучыні.

У Латвіі ўпалі восем беспілотнікаў; апошні быў паспяхова збіты самалётам. Яшчэ чатыры дроны заляталі ў паветраную прастору краіны, разварочваліся і выляталі назад. Усе яны былі запушчаныя ўкраінскімі сіламі па цэлях у Расіі, пераважна ў раёне Санкт-Пецярбурга, але праз радыёэлектроннае, магнітнае або іншае ўздзеянне сродкаў СПА збіліся з курсу і трапілі ў Латвію.

Мы ўвесь час знаходзімся ў гатоўнасці. Агульная адказнасць ляжыць на камандуючым Нацыянальнымі ўзброенымі сіламі, але брыгада дапамагае Ваенна-паветраным сілам: у адным з нашых батальёнаў ёсць неабходнае абсталяванне і падрыхтаваныя вайскоўцы.

Латгалія адрозніваецца ад астатняй краіны складам насельніцтва: значная частка жыхароў размаўляе па-руску. Ёсць людзі, якія не лаяльныя да Латвіі, і тыя, хто ўсё яшчэ чакае прыходу Расіі, але іх няшмат. Мы сочым за сітуацыяй, у тым ліку ў медыя і інфармацыйнай прасторы, якая тут адрозніваецца ад іншых рэгіёнаў Латвіі.

— Ці лічыце вы рэальнай ваенную або гібрыдную агрэсію з боку Расіі ці рэжыму Лукашэнкі? Якія асноўныя рызыкі бачыце зараз?

— На маю думку, звычайны канвенцыйны напад цяпер малаверагодны: Расія занятая вайной, якую пачала ва Украіне, і большасць яе сіл знаходзіцца на фронце. Аднак магчымыя правакацыі, спектр якіх амаль неабмежаваны. Калі ўзнікне праблема, мы гатовыя дзейнічаць.

Прадказаць канкрэтны сцэнар немагчыма. Гэта можа быць ваенная правакацыя, дзеянні супраць грамадзянскага насельніцтва, прамысловасці або іншай сферы. Але мы гатовыя цяпер і будзем гатовыя заўсёды.

— Амаль 20 гадоў таму ў Эстоніі быў крызіс вакол так званага «Бронзавага салдата», на Данбасе і ў Крыме— гібрыдная агрэсія Расіі ў 2014 годзе. Ці гатовая брыгада да падобнага сцэнара, напрыклад у Даўгаўпілсе, каля мяжы з Беларуссю, якая сёння фактычна кантралюецца Расіяй, жыве вялікая доля рускамоўнага насельніцтва?

— Так, у нас ёсць планы, але яны сакрэтныя. На першым этапе кіраваць рэагаваннем будзе паліцыя, а ў выпадку праблемы брыгада падтрымае яе.

Мы рэгулярна праводзім вучэнні. Першая фаза Namejs 2026 будзе прысвечаная гібрыднай пагрозе: удзельнікі адпрацуюць, як дзейнічаць і рэагаваць пры развіцці такога сцэнара. Сёлета ў мяне тры прыярытэты: Балтыйская лінія абароны, набор новых вайскоўцаў у брыгаду, а таксама каардынацыя і супрацоўніцтва з сябрамі і суседзямі.

На сваім участку Балтыйскую лінію абароны я называю сістэмай абароны Латгаліі. У брыгады амаль 300 кіламетраў мяжы з Расіяй і Беларуссю — для аднаго злучэння гэта надзвычай працяглы ўчастак. Працы ідуць у тры этапы. Цяпер мы ствараем паласу перашкод каля мяжы і на невялікай глыбіні. Потым будзем прасоўвацца далей углыб тэрыторыі і пяройдзем да трэцяй фазы. Пакуль Расія застаецца такой, якой яна ёсць цяпер, гэта будзе бясконцая праца.

— Ці можа Расія або Беларусь узмацніць ціск на Латвію ў найбліжэйшыя месяцы або ў наступным годзе?

— На гэтае пытанне немагчыма адказаць. Расія непрадказальная: праблема можа ўзнікнуць заўтра, а можа — праз дзесяць гадоў. Цяпер галоўная ўвага Еўропы засяроджаная на вайне ва Украіне, куды накіроўваецца шмат рэсурсаў. Расія можа стварыць праблему ў адной з краін НАТА — Літве, Польшчы, Латвіі або Эстоніі, — каб перанакіраваць рэсурсы Альянсу ці Еўрапейскага Саюза ад Украіны да краін НАТА.

— Як Земесардзэ працуе з мясцовымі ўладамі і жыхарамі Латгаліі?

— Я займаю гэтую пасаду толькі шэсць месяцаў, але задаволены каардынацыяй і ўзаемадзеяннем з мясцовымі супольнасцямі і мэрамі гарадоў. Усе яны — мае сябры. Напрыклад, мы знаходзімся ў адной групе ў Signal і падчас інцыдэнтаў з беспілотнікамі хутка абменьваемся інфармацыяй. Спачатку гэта працавала недастаткова добра, але цяпер мы разумеем, што павінен адпрацоўваць кожны элемент у выпадку праблемы.

Гэтая каардынацыя ахоплівае ўсю Латгалію. Камандзіры ўсіх шасці батальёнаў таксама абавязаныя абменьвацца інфармацыяй і дапамагаць дзяржаўным установам, калі тыя звяртаюцца па падтрымку.

Я таксама магу размаўляць па-руску, нарадзіўся прыблізна за 80 кіламетраў ад Рэзэкнэ і добра ведаю рэгіён. У мяне ёсць добрыя сябры сярод рускамоўных жыхароў — яны лаяльныя і гатовыя падтрымаць Латвію, калі гэта спатрэбіцца.

Адзін з маіх батальёнаў знаходзіцца ў Даўгаўпілсе, дзе больш за 60% насельніцтва размаўляе па-руску. У батальёне служаць рускамоўныя, якія з’яўляюцца патрыётамі Латвіі і гатовыя дзейнічаць, калі спатрэбіцца. Таму я не бачу тут вялікай праблемы.

Размову цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле!

эж

НАТА праверыла перакідку войскаў праз Польшчу: ключавы ўчастак — Сувалкскі калідор

28.07.2026 12:33
У межах манеўраў з нямецкага Мюнстэра ў літоўскую Руклу перакінулі 93-і танкавы батальён і каля 80 адзінак цяжкай вайсковай тэхнікі.

Яўген Магда: Смерць Пуціна — ключ да вельмі многіх працэсаў

12.08.2026 10:00
Пра новы фармат стасункаў Украіны з дэмакратычнай Беларуссю, Люблінскі трохкутнік, магчымы распад Расіі і не толькі ў студыі Беларускай службы Польскага радыё разважае ўкраінскі палітолаг, кіраўнік Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда.